Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 59 из 115

Суровы прыстаў вынес таксама стол са стулам ды яшчэ пяро з чарнiлiцай для пiсара. Нарэшце ён з'явiўся, трымаючы ў руках невялiкi кубак, у якiм звонка перакочвалiся iгральныя косцi. Прыстаў некалькi разоў выкiнуў iх на барабан. Вiдаць, хацеў пераканацца ў тым, што яны не фальшывыя i выпадаюць то так, то гэтак, як iгральным касцям i належыць.

Затым ён хутка вярнуўся ў палату, i нiчога дзiўнага ў тым таксама не было: бо варта было яму толькi паказацца на ганку, як людзi адразу ж пачыналi лаяць яго i пасмiхацца. Раней нiхто б сабе гэтага не дазволiў, але ў гэты дзень натоўп проста ашалеў.

Суддзю з засядацелямi прапусцiлi праз заслон i да судовай палаты адны з iх прайшлi пешшу, iншыя ж пад'ехалi вярхом. Як толькi з'яўляўся хто-небудзь з iх, натоўп адразу ажываў. Але зноў-такi нiхто не шаптаўся i не шушукаўся, як бывала раней. Зусiм не! I пахвальныя i зневажальныя словы выкрыквалiся на ўвесь голас. I нiчым нельга было гэтаму перашкодзiць. Тых, хто чакаў судовага разбору было нямала, i не такiя яны былi, каб з iмi жартаваць. Важных паноў, якiя прыбылi на цiнг, таксама ўпусцiлi ў судовую палату. Былi там i Лёвеншольд з Хедэбю, i пастар з Бру, i заводчык з Экебю, i капiтан з Хельгестара, i многiя, многiя iншыя. I пакуль яны праходзiлi, усiм iм давялося выслухаць мноства заўваг, наконт таго, што ёсць, маўляў, шчаслiўчыкi, якiм не трэба стаяць ззаду i змагацца за месца блiжэй, ды i яшчэ многа чаго iншага.

Калi ўжо больш не было каго зневажаць, натоўп пачаў асыпаць з'едлiвымi насмешкамi маладую дзяўчыну, якая з усiх сiл старалася трымацца як мага блiжэй да салдацкага частаколу.

|< Пред. 57 58 59 60 61 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]