Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 148 из 315



Цi не павiнна быць так: усё, што можа адбыцца, ужо калiсьцi прайшло гэтай дарогай, ужо адбылося i мiнула?

I калi ўсё ўжо было, дык што ты думаеш пра гэта Iмгненне, карлiк? Цi не павiнна быць так: гэтая брама - таксама была?

I цi не звязаны ўсе гэтыя рэчы памiж сабою так моцна, што iмгненне цягне за сабою ўсё наступнае? А значыцца - яшчэ раз самое сябе?

Бо ўсё, што можа стацца на гэтай доўгай дарозе наперад - павiнна адбыцца яшчэ раз!

I гэты марудлiвы павук, якi паўзе ў месячным святле, i само месячнае святло, i мы з табою, калi шэпчамся каля брамы пра вечныя матэрыi, - хiба ўсяго гэтага ўжо не было калiсьцi? - i цi не павiнны мы вяртацца i праходзiць па той дарозе, што ляжыць перад намi, далей, наперад па доўгай i страшнай дарозе: цi не павiнны мы ўсе вечна вяртацца?"

Так казаў я, усё цiшэй i цiшэй: бо я спалохаўся сваёй думкi i далёкага, таемнага намыслу. I раптам я пачуў, як завыў сабака.

Цi чуў я калi раней, каб сабака так выў? Мае думкi памкнулiся назад, у мiнулае. Чуў! Калi быў малы, у сама раннiм дзяцiнстве,

- тады я чуў, як вые сабака. I бачыў, як ён дрыжаў, поўсць дыбарам, морда ўгору, у той цiхi час, апоўначы, калi сабакi вераць у прывiды;

- i мне стала шкада яго. Над домам толькi што выплыў мярцвяна-маўклiвы месяц i спынiўся крывава-чырвоным шарам над пляскатым дахам, быццам злодзей над чужым дабром;

- тады сабаку апанаваў страх: бо сабакi чуюць злодзеяў i прывiды. I калi я зноў пачуў, як сабака вые, мне зноў стала шкада.

Куды знiк карлiк? I брама на дарозе? I павук? I нашыя шэпты? Цi я мроiў? Цi прачнуўся? Цi раптам апынуўся адзiн, сярод суровых скал, у бязмежнай пустынi месячнага святла.

Але там ляжаў чалавек! I вось! Сабака скакаў, скуголiў, дыбiў поўсць; i вось ён убачыў, што я падыходжу, i зноў завыў i закрычаў - нiколi раней я не чуў, каб сабака крыкам клiкаў на дапамогу.

I праўда, я нiколi не бачыў таго, што ўбачыў. Я ўбачыў маладога пастуха, якi бiўся ў курчы, задыхаўся, твар перакошаны, з рота звiсала чорная змяя.

Нельга ўявiць сабе столькi агiды i смяротнага жаху на чалавечым твары! Мусiць, ён спаў, а змяя запаўзла яму ў горла i ўпiлася ў яго.

|< Пред. 146 147 148 149 150 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]