Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 150 из 315

I такiя словы сказаў свайму радаму сумленню:

"Зноў я адзiн i хачу быць адзiн - сам-насам з ясным небам i вольным морам; зноў вакол мяне полудзень.

Калiсьцi папалуднi я ўпершыню здабыў сваiх сяброў, тады ж я здабыў iх i другi раз - у гадзiну, калi супакойваецца ўсякая светлыня.

Бо што засталося ад шчасця i што на паўдарозе памiж небам i зямлёй, - тое шукае сабе прыстанку ў чыёй-небудзь светлай душы: а сёння ж усякае святло паспакайнела ад шчасця.

О паполудню жыцця майго! Калiсьцi i маё шчасце сышло ў далiну шукаць сабе прыстанку - i знайшло гэтыя шчырыя, гасцiнныя душы.

О паполудню жыцця майго! Усё я аддаў бы за адно: гэтыя жывыя пасевы маёй думкi i ранiшнюю зару найвышэйшай надзеi!

Калiсьцi стваральнiк шукаў спадарожнiкаў i дзяцей сваёй надзеi: i вось выявiў ён, што не здабыць iх iнакш, як папярэдне стварыўшы iх.

Так я чыню сваю справу, калi iду да сваiх дзяцей i вяртаюся ад iх: дзеля сваiх дзяцей Заратустра павiнен удасканальвацца.

Бо ўсiм сэрцам любяць толькi сваё дзiця i сваю справу; i калi любоў да самога сябе вялiкая, дык гэта прыкмета цяжарнасцi: так заўважаў я.

Яшчэ мае дзецi цвiтуць сваёй першай вясной; стаяць яны поруч, хiстаюцца на ветры, дрэўцы майго саду, найлепшае з маiх набыткаў.

I праўда! Там, дзе растуць такiя дрэвы, там шчасныя выспы!

Але сваiм часам я выкапаю iх i пасаджу ў розных мясцiнах: каб навучылiся яны адзiноце, упартасцi i асцярожнасцi.

Гузавата i крыва, але гнутка i цвёрда няхай стаяць яны каля мора, як жывы маяк непераможнага жыцця.

|< Пред. 148 149 150 151 152 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]