Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 24 из 315



Найсумленней вучыцца яно гаварыць, гэтае "Я"; i чым болей вучыцца, тым болей знаходзiць слоў, каб хвалiць цела i зямлю.

Новаму гонару навучыла мяне маё "Я", гэтаму гонару цяпер вучу я людзей: не хаваць болей галавы ў пясок нябесных абстракцый, а высока несцi яе, зямную галаву, што стварае сэнс зямлi.

Новай волi вучу я людзей: прыняць той шлях, якiм раней iшлi слепа i наўздогадзь, i ахвоча iсцi гэтым шляхам, i хвалiць яго, i не збочваць з яго потайкам, як гэта робяць хворыя, блiзкiя да смерцi!

Гэта ж яны, хворыя i блiзкiя да смерцi, занядбалi цела i зямлю, выдумалi Незямное i адкупныя i крывавыя ахвяры; але ж нават гэтыя змрочныя труцiзны, такiя салодкiя iм, яны бралi ў зямлi i ў цела!

Ад галечы i гароты сваёй хацелi яны ўцячы, але зоркi былi занадта далёка. I ўздыхалi яны: "Ах, каб былi ў небе дарогi, якiмi можна было б прайсцi ў iншае быццё, каб здабыць шчасце!" - i вось яны выдумалi сабе гэтыя пралазы i крывавы напой!

Няўдзячныя! - яны ўбiлi сабе ў галаву, што здолелi адцурацца цела i зямлi. Але ж каму яны абавязаныя болем i шчасцем таго адцурання? - Свайму целу i гэтай зямлi.

Заратустра лагодны з хворымi. Сапраўды, не гневаецца ён на iхнюю няўдзячнасць i на ўсё, што iх суцяшае. Хай жа яны ацаляюцца i перасiльваюцца, хай ствараюць сабе найвышэйшае Цела!

I таго, хто ацаляецца, не дакарае Заратустра, калi той пяшчотна глядзiць на аблуды свае ды апоўначы крадзецца да магiлы свайго Бога; толькi ж хваробаю i слабасцю цела застаюцца ў мяне яго слёзы.

|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]