Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 254 из 315

Ты разгадаў найлепшую маю - i разам з тым найгоршую загадку маю, - ты разгадаў мяне самога i тое, што ўчынiў я. Я ведаю, якая сякера можа цябе спусцiць.

Але Ён - не павiнен быў памерцi: сваiм ўсёвiдушчым вокам бачыў Ён усе глыбiнi i асновы чалавека, усю яго схаваную ганьбу i брыдоту

Спагада ягоная не ведала сораму: Ён пранiкаў у сама брудныя мае закануркi. Ён павiнен быў памерцi - той, хто быў такi цiкаўны, настырны i так ахвотна спагадаў.

Ён увесь час бачыў мяне: i я захацеў адпомсцiць такому сведку - або не жыць самому.

Бог, якi бачыў усё, нават чалавека: гэты Бог павiнен быў памерцi! Бо нясцерпна чалавеку, каб у яго быў такi сведка".

Так казаў сама брыдкi чалавек. А Заратустра ўстаў i намерыўся пайсцi: бо холад пранiзваў яго да самых касцей.

"Ты, каму няма назову, - сказаў ён, - ты асцерагаў мяне ад дарогi, па якой сам iшоў. У падзяку за гэта я раю табе сваю. Зiрнi, вунь там, угары, Заратустрава пячора.

Шырокая i глыбокая яна, i многа ў ёй зацiшных куточкаў; нават сама таемны знойдзе там сабе прытулак. А каля пячоры - безлiч расколiн i нор, у якiх жывуць сама розныя жывёлы; тыя, што скачуць, пырхаюць i поўзаюць.

Ты, выгнанец, якi выгнаў сябе сам, ты не хочаш жыць сярод людзей, не хочаш iхняй спагады? Ну што ж! Рабi, як я! Так i навучышся ад мяне; навучыцца той, хто робiць.

А спачатку i перш за ўсё пагутары з маiмi звярамi! Сама ганарысты звер i сама мудры - хай яны будуць найлепшымi нашымi дарадцамi!"

Так сказаў Заратустра i пайшоў далей яшчэ павальней i ўсё больш задуменны: бо шмат чаго пытаўся ён сам у сябе i нялёгка давалiся яму адказы.

|< Пред. 252 253 254 255 256 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]