Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 65 из 315



Некаторыя робяцца надта старымi, каб перамагаць i знаходзiць iсцiны; бяззубы рот ужо не мае права на iсцiну.

Кожны спрагнены славы павiнен загадзя развiтацца з пашанаю i засвоiць цяжкае майстэрства: у свой час - сысцi.

Не давайся, каб цябе елi тады, калi ты найбольш смачны; гэта ведаюць тыя, хто хоча, каб iх доўга любiлi.

Бываюць, вядома, кiслыя яблыкi: iх доля - чакаць апошняга дня восенi, i тады робяцца яны адначасова спелымi, жоўтымi i маршчынiстымi.

У адных раней старэе сэрца, у другога - розум. Адны бываюць старымi ў маладосцi, а хто позна малады, доўга застаецца такi.

Некаторым не ўдаецца жыццё: атрутлiвы чарвяк точыць iм сэрца. Хай прыкладуць яны ўсю сiлу сваю, каб смерць iм болей удалася.

Ёсць i такiя, што нiколi не робяцца салодкiмi: яны пачынаюць гнiсцi ўжо з лета. Толькi маладушнасць трымае iх на галiне.

Надта многа жывых, i залiшне доўга трымаюцца яны на сваiх галiнах. Няхай жа наляцiць бура i страсе з дрэва ўсю гэтую гнiлiзну i чарвiвасць!

Хай явяцца прапаведнiкi хуткай смерцi i, як тая бура, страсянуць дрэвы жыцця! Але я чую толькi пропаведзь павольнага памiрання i цярплiвасцi да ўсяго "зямнога".

Вы прапаведуеце цярплiвасць да ўсяго зямнога? Але гэта зямное i так занадта доўга трывае вас самiх, паклёпнiкi!

Сапраўды, надта рана памёр той жыд, якога шануюць прапаведнiкi павольнай смерцi, i многiм з таго часу зрабiлася наканаваннем тое, што ён памёр так рана.

Толькi слёзную жыдоўскую скруху паспеў зведаць жыд Iсус, разам з нянавiсцю добрых i праведных, i тады абняла яго прага смерцi.

|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]