Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 66 из 315



Чаму ён не застаўся ў пустынi, далёка ад добрых i праведных! Магчыма, ён навучыўся б жыць, i любiць зямлю, i нават смяяцца!

Верце мне, братове мае! Зарана памёр, ён i сам адмовiўся б ад вучэння свайго, дажыўшы да маiх гадоў! У iм было дастаткова высакароднасцi, каб адмовiцца!

Але ён быў яшчэ няспелы. Нясталая любоў у хлопца, i нясталая нянавiсць яго да зямлi i чалавека. Яшчэ звязаныя i цяжкiя ў яго адчуваннi i крылы духу.

Сталы мужчына больш дзiця, чым хлопец, i меней скрухi ў iм: лепш разумее ён смерць i жыццё.

Свабодны на смерць i свабодны ў смерцi, ён вымаўляе свяшчэннае "Не", калi ўжо няма калi сказаць "Але": так разумее ён смерць i жыццё.

Хай не будзе памiранне ваша наганаю чалавеку i зямлi, сяброве мае: з такою просьбаю звяртаюся я да лёду вашай душы.

Нават у смерцi павiнны палаць ваш дух i цнота, як вечная зара над зямлёю; iнакш смерць ваша дрэнна вам удалася.

Так хачу памерцi i я: каб вы, сяброве мае, дзеля мяне яшчэ болей любiлi зямлю; я хачу зноў абярнуцца ў зямлю - знайсцi спакой у той, што нарадзiла мяне.

Сапраўды, была мэта ў Заратустры, у яе шпурляў ён меч свой; ад сёння вы, сяброве, будзеце пераемнiкамi мэты маёй, вам я кiдаю залаты мяч.

Найпрыемней мне глядзець на вас, сяброве мае, калi падкiдаеце вы яго! Вось чаму я затрымаюся яшчэ на зямлi: даруйце мне за гэта!

Так сказаў Заратустра.

|< Пред. 64 65 66 67 68 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]