Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
15 из 99
З гэтага часу пасьлядоўнiкаў Рэфармацыi сталi называць пратэстантамi.
У 1518 годзе рух Рэфармацыi ахапiў Швайцарыю. Гэтая горная краiна ўяўляла сабою саюз вольных кантонаў, кожны зь якiх быў малою рэспублiкаю. З тых часоў, калi швайцарцы, абараняючы незалежнасьць сваёй краiны, разьбiлi славутыя аддзелы бургундзкiх рыцараў, усе эўрапейскiя валадары запрагнулi мець у сваiм войску швайцарскую пяхоту. Маладыя людзi з альпiйскiх вёсак iшлi ў чужаземныя войскi i сотнямi гiнулi на палях бiтваў. Лямантам у пустынi стаў голас Ульрыка Цвiнглi, патрыёта i рэфарматара, якi з амбоны катэдральнага касьцёлу ў Цюрыху выступiў супраць наёмнай службы, нязгоднай з хрысьцiянскай маральнасьцю. Абвяшчаючы, як i Лютар, збаўленьне празь веру, Цвiнглi выступiў таксама супраць iндульгенцыяў, заклiкаючы выгнаць з гораду тых, хто прадае адпушчэньне грахоў, як ашуканцаў i махляроў, i сьцьвердзiў, што толькi Бiблiя ўтрымлiвае прынцыпы, абавязковыя для кожнага хрысьцiянiна. У хуткiм часе рада Цюрыху абвесьцiла пра пераход кантону на бок Рэфармацыi. Замест незразумелай лацiны ў царкоўных пропаведзях загучала родная мова. Цюрыхскiя цэрквы пазбавiлiся алтароў, абразоў, статуяй i сталi дамамi малiтвы. Надаючы царкве першасны вобраз, Цвiнглi арганiзаваў самакiраваньне ў царкоўных супольнасьцях.
Рэформы Цвiнглi прынялi найбольш перадавыя кантоны Бэрн, Базэль, Цюрых. Але спроба распаўсюдзiць Рэфармацыю на ўсю краiну сустрэла ўпарты супрацiў так званых "старых" кантонаў, якiя мелi немалы даход з наёмнай службы швайцарцаў.
|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|