Залаты век Беларуси (на белорусском языке)   ::   Акиньчиц Станислав

Страница: 16 из 99

Спрэчка пра веру сталася спрэчкаю пра далейшыя шляхi разьвiцьця краiны. Гэта прывяло да вайны. 12 сьнежня 1531 году ў бiтве пры Капэлi цюрыхскi аддзел у 1 800 ваяроў быў разьбiты 8-тысячнай армiяй, сабранай старымi кантонамi. Паранены Цвiнглi трапiў у рукi ворагаў, якiя прапанавалi яму захаваць жыцьцё, калi ён вырачацца сваёй веры, але Цвiнглi адмовiўся i быў забiты.

Аднак сьмерць Цвiнглi не спынiла Рэфармацыю ў Швайцарыi. Яе працягнуў iншы рэфарматар - Жан Кальвiн. Пакаяўшыся ў 1534 годзе, ужо ў 1536 годзе ён скончыў трактат "Хрысьцiянскае выхаваньне", названы гiсторыкамi "кнiгаю, якая мела найбольшы ўплыў на тэалёгiю ў гiсторыi Царквы" i "клясычным тэкстам францускай мовы". Жан Кальвiн вярнуў хрысьцiянству праўду, што кожны чалавек створаны Богам для нейкай канкрэтнай мэты, i сэнсам яго жыцьця зьяўляецца знайсьцi i рэалiзаваць Божы плян. Грэх зрабiў чалавека няздольным ажыцявiць сваё прызначэньне, але Хрыстос вызвалiў яго з гэтай няволi i даў яму шанец рэалiзавацца. Толькi дзякуючы веры ў Хрыста чалавек можа стаць самiм сабою i дасягнуць сваёй мэты. У тым жа 1536 годзе Кальвiн быў запрошаны ў Жэневу, вялiкi горад, поўны распусты i п'янства. Два гады змагаючыся з немаральнасьцю i духоўнай абыякавасьцю жэнеўцаў, рэфарматар адмовiўся рабiць ламаньне хлеба, калi жыхары гораду не пакаюцца ў сваiх грахах. Рада Жэневы ў адказ пастанавiла выгнаць занадта радыкальнага прапаведнiка. Аднак праз тры гады жэнеўскiя месьцiчы зноў запрасiлi Кальвiна да сябе, i ў хуткiм часе сьвет убачыў прыклад зрэфармаванага гораду.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]