Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
23 из 99
У першай палове XIV стагодзьдзя Вялiкае Княства Лiтоўскае аб'яднала практычна ўсю Беларусь i частку Жамойцi, пастаянна адбiваючы напады крыжакоў з захаду i поўначы i татараў з усходу i поўдня. У 1323 годзе вялiкi князь Гедзiмiн перанёс сталiцу дзяржавы з Наваградку ў Вiльню i пачаў будаваць мураваныя замкi ў паўночна-заходняй Беларусi (у Вiльнi, Наваградку, Лiдзе, Мядзелi), каб супрацьстаяць крыжацкiм нападам. Ягоны сын, Альгерд, у 1362 годзе разьбiў татараў у бiтве каля ракi Сiнiя Воды i вызвалiў з-пад iхняй улады ўкраiнскiя землi - Кiеўшчыну, Валынь i Падольле, паклаўшы пачатак заняпаду Залатой Арды. Вялiкае Княства Лiтоўскае стала адной з найвялiкшых i адной з магутнейшых дзяржаваў у Эўропе. У гэты час беларускiя землi канчаткова аб'ядналiся i замацавалi сваё цэнтральнае месца ў дзяржаве, у вынiку чаго, паводле вобразнага выразу Ф.Багушэвiча, Беларусь стала тут "як зерне ў гарэху". Пачынаючы з гэтага часу i аж да другой паловы XIX стагодзьдзя сучасная Беларусь называлася Лiтвою, а яе жыхары - лiцьвiнамi або людзьмi лiтоўскiмi, лiтвою.
Справаводзтва пры двары вялiкага князя вялося на дзьвюх мовах: уся дакумантацыя, зьвязаная з Захадам, выконвалася на лацiне, а дакуманты, прызначаныя для ўласнай дзяржавы i ў адносiнах з усходнiмi суседзямi, пiсалiся як на лацiне, так i на царкоўнаславянскай мове, якая ў Вялiкiм Княстве выконвала тыя самыя функцыi, што i лацiна ў Заходняй Эўропе. Гэтыя мовы, па сутнасьцi, былi мёртвымi, але дазвалялi паразумявацца з усiмi навакольнымi народамi.
|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|