Залаты век Беларуси (на белорусском языке)   ::   Акиньчиц Станислав

Страница: 29 из 99

Шляхта паўсюдна наракала на немаральныя паводзiны сьвятароў i iх неадукаванасьць. Гучным стаўся выпадак, калi адзiн зь бiскупаў заблытаўся i ня змог назваць падставовыя праўды веры. Жыгiмонт Аўгуст, малады вялiкi князь лiтоўскi, пiсаў у 1547 г. да кракаўскага бiскупа: "Яшчэ вельмi сьвежыя ў гэтым нашым Вялiкiм Княстве павевы хрысьцiянскай веры. Бо тут, па-за Вiльняй, цёмны неадукаваны народ аддае чэсьць боскую (ня кажучы ўжо пра iншыя забабоны) гаям, дубам, лiпам, ручаям, валунам, вужам, i прыносяць iм ахвяры, як супольныя, так i прыватныя".

Сапраўды, павевы хрысьцiянства нават на пачатку XVI стагодзьдзя былi вельмi слабымi ў нашай краiне. Хоць праваслаўная царква была прысутнай у Беларусi ад часоў Рагнеды, яна ахапiла сваiм уплывам толькi частку насельнiцтва. Адначасова зь ёю ў гарадах дзейнiчалi каталiцкiя асяродкi. Але яшчэ ў канцы XIV стагодзьдзя Вялiкае Княства заставалася адзiнай нехрысьцiянскай дзяржавай у Эўропе.

У 1413 г. Беларусь наведаў Геранiм Праскi, сябра i паплечнiк Яна Гуса. На працягу некалькiх месяцаў ён зьбiраў вялiкiя грамады слухачоў у Вiльнi, Полацку, Вiцебску, iншых гарадах, прапаведуючы iм Слова Божае, заклiкаючы жыць па веры. Неўзабаве з Чэхii ў Вiльню прыбыла дэлегацыя, запрашаючы вялiкага князя лiтоўскага стаць чэскiм каралём i падтрымаць гусiтаў у iх барацьбе за рэформу царквы. Вiтаўт прыхiльна прыняў пасланцоў i абяцаў дапамогу.

|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]