Залаты век Беларуси (на белорусском языке)   ::   Акиньчиц Станислав

Страница: 45 из 99

Шляхта пiла вiно за здароўе шаноўнага госьця, але сам вiленскi ваявода адмаўляўся. Амаль увесь вечар ён размаўляў зь нейкiм сьцiпла апранутым мужчынам, якога нiхто з запрошаных ня ведаў. Празь некалькi дзён Мiкалай Чорны, сабраўшы ўсiх паважаных людзей староства, урачыста аб'явiў, што ў Берасцейскiм замку з гэтага часу будзе арганiзаваная эвангельская царква, мiнiстрам (прапаведнiкам) у якой будзе Сымон Зак, магiстар тэалёгii Кракаўскага ўнiвэрсытэту. Гледзячы на новага прапаведнiка, многiя пазналi таго незнаёмца, зь якiм доўга размаўляў на банкеце вiленскi ваявода.

Вясною 1553 году Мiкалай Чорны з пасольствам выправiўся да iмпэратара Фэрдынанда. Праяжджаючы празь Нямеччыну - калыску Рэфармацыi, вiленскi ваявода глядзеў на яе iншымi вачыма. Ён i раней быў у гэтых мясьцiнах, але цяпер, бачачы абноўленую нямецкую царкву, Мiкалай Радзiвiл канчаткова акрэсьлiў сваю пазыцыю як эвангельскага хрысьцiянiна. Вярнуўшыся ў Вiльню, канцлер Вялiкага Княства Лiтоўскага, вiленскi ваявода князь Мiкалай Радзiвiл Чорны публiчна абвесьцiў, што ён вызнае эвангельскую веру, вольную ад усялякага iдалапаклонства, i што закладае кальвiнскую царкву ў сваiм палацы на Лукiшках, запрашаючы туды ўсiх, хто жадае вызнаваць сапраўдную веру Хрыстовую. Вiленскага ваяводу глыбока ўзрушылi творы Жана Кальвiна, яго бачаньне хрысьцiянскага жыцьця як служэньня ўсемагутнаму Богу, разуменьне, што кожны чалавек прыйшоў на гэты сьвет не выпадкова, а каб споўнiць сваё прызначэньне.

|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]