Залаты век Беларуси (на белорусском языке)   ::   Акиньчиц Станислав

Страница: 52 из 99

Папскi пасол заявiў,што адной з рысаў прававернасьцi каталiцкай царквы ёсьць факт, што яна аб'ядноўвае большасьць хрысьцiянаў, дык сумнiўна, што ў такiм малым зборы, да якога належыць вiленскi ваявода, была б сапраўдная навука Хрыстовая. Мiкалай Чорны не абмiнуў увагаю i гэты закiд: "Ад пачаткаў сьвету праўдзiвая вера, празь якую Бог аб'яўляў людзям праўду, была заўсёды ў меншасьцi, уцiсканая. Падобна дзеецца i сёньня. Таму я лепш хачу быць у гэтай пагарджанай нунцыем царкве як герэтык, чым у рымскай царкве як сьвяты... Я апякуюся добрымi i пачцiвымi прапаведнiкамi, якiя надзвычай дасьведчаныя ў сапраўднай навуцы i добрых звычаях i ведаюць праўдзiвае набажэнства Хрыстовае. Яны мне адкрываюць праўду i распавядаюць пра вечнага i несьмяротнага Бога i Ягоную неабсяжную волю, аб'яўленую праз адзiнага Сына Iсуса Хрыста, i перададзеную праз апосталаў".

Дзеля ўкараненьня iдэяў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве, Мiкалай Радзiвiл Чорны пачаў паўсюль арганiзоўваць эвангельскiя цэрквы. Сьледам за Берасьцем i Вiльняй кальвiнскiя зборы паўстаюць у Нясьвiжы, Клецку, Iўi, Койданаве, Воршы. Iншыя магнаты дзейнiчалi па прыкладзе вiленскага ваяводы. Князi Пронскiя заснавалi збор у Iказьнi, Кiшкi - у Венгрове, Дарагастайскiя - у Ашмянах, i так у мностве гарадоў i мястэчак па ўсей Беларусi. Найчасьцей новыя зборы паўставалi ня коштам ужо iснуючых касьцёлаў цi праваслаўных цэркваў, але або будуючы свае храмы, або зьбiраючыся ў нейкiх грамадзкiх цi прыватных будынках, як, прыкладам, на замку ў Берасьцi цi ў палацы Радзiвiла ў Вiльнi.

|< Пред. 50 51 52 53 54 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]