Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
6 из 99
Я жадаў бы, каб араты сьпяваў вершы зь Бiблii, iдучы за плугам, ткач паўтраў iх пры стуку кроснаў, а падарожнiк бавiў сябе эвангельскiмi аповядамi пад час доўгай дарогi". I гэтае жаданьне знаходзiла жывы водгук у сэрцах многiх сучасьнiкаў, якiя прагнулi паглыбiцца ў сьвет Божага аб'яўленьня, прачытаць i зразумець Кнiгу кнiгаў.
Яшчэ адна падзея ўскалыхнула Эўропу на прыканцы XV стагодзьдзя. Генуэскi марак Хрыстафор Калюмб адкрыў новы кантынэнт - Амэрыку. Аказваецца, ёсьць яшчэ iншыя землi, iншыя народы, якiх нiхто ня ведаў, аказваецца, той сьвет, да якога прызвычаiлася сярэднявечная Эўропа, - гэта толькi частка вялiкага, яшчэ неспазнанага сьвету.
Страх перад будучыняй i поўнае надзеi чаканьне новага перапаўнялi сэрца кожнага, хто жыў у гэтую эпоху. Царква, якая сваёй дзейнасьцю пранiкала ўсе сфэры жыцьця эўрапэйскiх народаў, павiнна была адказаць на выклiк часу i даць арыентыры, так неабходныя ў сытуацыi, калi рушыцца стары, звыклы сьвет. Аднак яна, далёка адыйшоўшы ад бiблiйных каранёў, была бязрадная. Крывадушнасьць царкоўных лiдараў, iх нязгоднае з Эвангельлем жыцьцё прымушалi многiх шукаць вобраз царквы, адпавядаючы Сьвятому Пiсьму, шукаць шляхi духоўнай адновы хрысьцiянства. Джыралама Саванарола, флярэнцкi манах, бачучы паўсюднае маральнае сапсуцьцё, усклiкаў: "У першаапостальскай Царквы келiхi былi з дрэва, але служыцелi - з золата; сёньняшняя Царква мае келiхi з золата, але служыцеляў - з дрэва". Тысячы людзей думалi гэтак сама, i таму голас, якi прагучаў у Вiтэнбэргу ў 1517 годзе, адгукнуўся рэхам па ўсiм хрысьцiянскiм сьвеце.
|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|