Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
79 из 99
Каб працягваць вучобу, яны павiнны былi ехаць за мяжу, бо ў Вялiкiм Княстве не было свайго ўнiвэрсытэту, а зрабiць гэта маглi далёка ня ўсе. Бачачы патрэбу краiны ў вышэйшай навучальнай установе, езуiты пачалi захады, каб адкрыць у Вiльнi Акадэмiю, што i адбылося ў 1579 годзе. У Вiленскую Акадэмiю прымалiся на вучобу ня толькi католiкi, але таксама кальвiнiсты, лютаране, праваслаўныя, i гэта адкрыла перад езуiтамi вялiкую прастору для распаўсюджваньня "рымскай веры". Калi празь некалькi гадоў эвангельскiя хрысьцiяне ўсьвядомiлi, што значыць унiвэрсытэт у сваёй краiне, i пачалi рабiць захады па арганiзацыi кальвiнскай акадэмii ў Вiльнi, быў ужо iншы час i iншая ўлада. Вялiкае Княства так i не атрымала свайго кальвiнскага ўнiвэрсытэту.
Падтрымка з боку караля надавала езуiтам адвагi ў iх змаганьнi з Рэфармацыяй, але адкрыта супрацьстаяць эвангельскаму хрысьцiянству ў iх не было сiлы. Асноўная заканадаўчая i выканаўчая ўлада была ў руках кальвiнiстаў, вялiкага гетмана Мiкалая Радзiвiла Рудога i канцлера Астафея Валовiча. Краiна жыла прынцыпамi Рэфармацыi, i гэта было вiдочна на кожным кроку. "Шляхта не саромееца трымаць шынкi, займацца гандлем, лiхвярствам i iншымi нiзкiмi справамi, толькi б яны служылi абагачэньню i прыносiлi прыбытак", - пiсаў Андрэй Волан, кальвiнскi прапаведнiк, аўтар шматлiкiх трактатаў на грамадзка-палiтычныя тэмы. Да нашых дзён дайшлi запiскi Фёдара Еўлашоўскага, дробнага шляхцiча зь Ляхавiчаў, у якiх ён распавядае пра сваё жыцьцё i пра жыцьцё Княства ў другой палове XVI стагодзьдзя.
|< Пред. 77 78 79 80 81 След. >|