Залаты век Беларуси (на белорусском языке)   ::   Акиньчиц Станислав

Страница: 81 из 99

Даманеўскi сьцьвярджаў, што праца павiнна быць прадукцыйная i грамадзка карысная i што яна ня можа зьняважыць шляхецкай годнасьцi. Як прыклад таго, што надае гонар працаўнiку, паэт паказваў рамяство, гандаль i сельскую гаспадарку. Такая пазыцыя грамадзтва не магла не спрыяць хуткаму разьвiцьцю эканомiкi краiны.

Ня меншы ўздым перажывала i юрыдычная думка Вялiкага Княства. Прынцыпы свабоды асобы, свабоды слова i сумленьня адлюстроўваюць юрыдычныя дакуманты таго часу, публiцыстыка i багаслоўскiя трактаты. Ужо ўзгаданы Андрэй Волан у сваiм творы "Аб палiтычнай або грамадзянскай свабодзе" пiсаў: "Нiхто з разумных людзей не сумняецца ў тым, што свабода больш за ўсё адпавядае чалавечай прыродзе, i нiхто, такiм чынам, не нараджаецца рабом... Першы i галоўны крытэр нашай свабоды заключаецца ў тым, каб нашае жыцьцё было свабоднае ад усякага замаху на яго i несправядлiвасьцi. Далей, каб нашая маёмасьць i багацьце не ставалiся ахвяраю якога рабаваньня цi гвалту". Тут будзе дарэчы ўзгадаць канцлера Вялiкага Княства Астафея Валовiча, паплечнiка Мiкалая Радзiвiла Чорнага ў правядзеньнi зямельнай рэформы, арганiзатара працы i рэдактара Другога (1566 г.) i Трэцяга (1588 г.) Статутаў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Гэтыя зборнiкi законаў зьяўляюцца сапраўднымi шэдэўрамi беларускай юрыдычнай думкi. Статут 1588 году лiчыцца найлепшым i найдасканалейшым юрыдычным кодэксам у Эўропе XVI стагодзьдзя. Нават праз два стагодзьдзi пасьля прыняцьця ён па-ранейшаму ўважаўся за найвыдатнейшы эўрапейскi збор законаў.

|< Пред. 79 80 81 82 83 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]