Залаты век Беларуси (на белорусском языке)   ::   Акиньчиц Станислав

Страница: 9 из 99

Ужо назаўтра студэнты пераклалi тэзiсы Лютара, напiсаныя на лацiне, на нямецкую мову, а Ганс Люфт, якi меў друкарню паблiзу ўнiвэрсытэту, надрукаваў гэты пераклад. Шматлiкiя паломнiкi, што прыйшлi на сьвята Ўсiх Сьвятых у горад, панесьлi па ўсёй краiне тэзiсы вiтэнбэргскага прафэсара. У палацах i ў карчмах пачалiся зацятыя спрэчкi пра iндульгенцыi, пра збаўленьне, пра пакаяньне, пра Бiблiю, пра тое, якой павiнна быць царква. Пропаведзь Марцiна Лютара стала той запалкай, якая падпалiла Нямеччыну. Уся краiна загаварыла пра Рэфармацыю.

Рэфармацыя - гэта лацiнскае слова, якое ўтвараецца праз дадаваньне прыстаўкi "рэ-" да слова "фармацыя". "Фармацыя" азначае наданьне нечаму пэўнага кшталту, формы, а прыстаўка "рэ-" - што дадзенае дзеяньне паўтараецца зноў. Такiм чынам, Рэфармацыя - гэта аднаўленьне першапачатковага кшталту, першаснага вобразу. Рэфармацыя - гэта вяртаньне да першакрынiцы - Бiблii, вяртаньне да Божага погляду на Царкву, на грамадзтва, на чалавека. I Марцiн Лютар быў тым, хто на поўны голас заявiў пра гэта.

Кiм жа быў гэты прафэсар зь Вiтэнбэргу, словы якога ўскалыхнулi Эўропу? Марцiн Лютар быў манахам ордэну аўгустынiянаў i прымаў дзейны ўдзел у жыцьцi каталiцкае царквы як сьвятар i прафэсар тэалёгii. Здавалася, ён мог бы быць задаволены сваiм жыцьцём, стаўшы ў 29 год прафэсарам, а пазьней - вiкарыем (наглядчыкам) усiх саксонскiх кляштараў аўгустынiянаў.

|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]