Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
100 из 173
Віктар адразу ж загарэўся і пачаў марыць:
– Калі мы кожны дзень будзем падкідаць галля, то можна зрабіць такую грэблю, што па ёй нават ехаць можна будзе.
– Не надта захапляйся, – сказаў Мірон. – Як толькі станеш, то твая грэбля праваліцца.
– А я стаяць не буду, – храбрыўся Віктар. – Абы толькі дакрануцца нагой. Не паспее галіна падацца, як нага мая пераскочыць далей.
Разважанні былі слушныя. Хлопцы прыгадалі, як ім даводзілася перабягаць раку па тонкім лёдзе, які трашчаў пад нагамі і, напэўна, не вытрымаў бы чалавека, каб той спыніўся на месцы. Гэтаксама можна перабягаць па вадзе па дошках, хоць стаць на іх нельга.
Калі ўсё абгаварылі і цвёрда пастанавілі зараз жа прыняцца за работу, Мірон спыніўся, паківаў галавой і сказаў:
– Ну і наплялі мы з табой глупства!
– Якога?
– Каб хто накідаў нам галля зверху, то, можа, і сапраўды мы маглі б перабрацца па ім. А калі мы самі пачнём хадзіць туды і сюды ды насіць галлё, то ўсё і затопчам у балота пры першых кроках.
– Ясна! – сказаў Віктар. – Цяпер буду фантазіраваць толькі тады, калі добра абдумаю пытанне.
Яны ціха пайшлі напрасткі да сваёй хаты. Хоць думкі іх былі далёка адсюль, але па прывычцы яны пільна прыглядаліся да кожнага куста, да кожнага кутка. І пад адным кустом заўважылі нешта светла-шэрае.
Угледзеліся – заяц! Сядзіць сабе і глядзіць на іх, вылупіўшы вочы. Праўда, ветрык дзьмуў акурат з яго боку, так што ён мог іх і не ўчуць.
|< Пред. 98 99 100 101 102 След. >|