Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
118 из 173
А на другі дзень яго знайшлі за некалькі соцень крокаў мёртвым. Ён памёр ад перапуду. Я не думаю, каб і наш мядзведзь сканаў толькі ад перапуду. Але ў кожным разе гэта дапамагло нам справіцца з ім.
Як бы там ні было, а перад хлопцамі ляжала туша сапраўднага мядзведзя, здабыча, якой ганарыўся б кожны паляўнічы. Але як даступіцца да гэтай здабычы? Калі столькі пакуты было з зайцам і барсуком, то што будзе з мядзведзем?
– Хоць ты плач, гледзячы на багатую здабычу! – уздыхаў Мірон. – Трэба абавязкова дастаць каменняў.
– І зараз жа! – крыкнуў Віктар.
Але Мірон зрабіў «матэматычныя падлікі», па якіх выходзіла, што працу і час ім трэба размеркаваць інакш, чым яны думалі. Каменні шукаць, мусіць, прыйдзецца не адну гадзіну, нямала часу пойдзе, каб апрацаваць іх. А яшчэ разабраць мядзведзя, перанесці і ўпарадкаваць мяса. Апрача таго, трэба ж будзе за ўвесь гэты час і падсілкавацца.
– Адным словам, – скончыў свае падлікі Мірон, – сёння ўсё зрабіць мы не паспеем, не кажучы ўжо аб тым, што наш агонь за гэты час можа загінуць.
Праз некалькі хвілін два хлопцы валаклі па лесе мядзведзя. Адзін трымаў яго за правую пярэднюю лапу, другі – за левую, а мядзведзь ехаў па зямлі на спіне мордай наперад. Хоць і невялікі быў звер, але для галодных і аслабелых хлопцаў ён быў значным грузам.
– Колькі мы тут валачэм непатрэбнага цяжару, які добрыя людзі пакінулі б на месцы! – скардзіліся хлопцы.
У гэты дзень яны паспелі толькі набраць каменняў ды наладзіць іх «апрацоўку».
|< Пред. 116 117 118 119 120 След. >|