Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 116 из 173



Затое замест зайца яны аднаго разу сустрэлі свайго знаёмага мядзведзя. Той стаяў каля вялікага старога дрэва і, задраўшы галаву, да нечага прыглядаўся. Мусіць, ён стаяў да хлопцаў тым бокам, з якога было папсавана вока, бо не заўважыў іх, калі яны выйшлі на адкрытае месца. Таварышы зараз жа схаваліся і пачалі сачыць.

Цяпер яны зусім не спалохаліся. Мядзведзь здаваўся ім ужо нястрашным, невялікім, нядужым.

– Дай я падкрадуся і выб'ю яму другое вока, – прашаптаў Віктар, сціскаючы ў руках сваю булаву.

– Не думай, што зноў так будзе, як тады, – папярэдзіў Мірон. Але і яму самому справа здавалася простай.

Мядзведзь усё нюхаў паветра ды прыглядаўся да чагосьці на дрэве. Зірнулі туды і хлопцы і заўважылі дупло, а каля яго нібы мухі лятаюць.

– Пчолы! – сказаў Віктар. – Дык вось да каго ён прыглядаецца! Дзякуй яму за тое, што знайшоў, а выкарыстаць трэба ўжо нам.

Хлопцы пачалі красціся да мядзведзя. Той абапёрся пярэднімі лапамі аб дрэва і сабраўся лезці. Ён быў так заняты сваёю справай, што мог бы не заўважыць ворага нават з абодвума вачыма, а з адным – тым болей.

Толькі ён прыстасаваўся лезці, як – бац! яму нешта па галаве ды як крыкне нехта над вухам! Зароў наш мядзведзь, шугануў убок, ледзь Мірона з ног не збіў і знік з вачэй. Напэўна можна сказаць, што мядзведзь нават і не бачыў, адкуль на яго звалілася бяда, але ён так спалохаўся, што адразу ў яго сапсаваўся жывот.

– Вось бачыш, якая простая справа! – урачыста прамовіў Віктар.

Мірон толькі плячыма паціснуў.

|< Пред. 114 115 116 117 118 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]