Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 119 из 173

У лесе пачулася лясканне, нібы хто брукаваў вуліцу. Праз некаторы час хлопцы ўжо мелі «нажы» і «сякеры» каменнага веку. Але ж якія гэта былі прылады! Хлопцы глядзелі на іх і казалі:

– Першабытны чалавек засмяяў бы нас, каб убачыў такія прылады.

– І ў музеі такіх не знойдзеш.

– Але мы не вінаваты, што крэменю няма.

– Мусіць, і з крэменю мы не здолелі б зрабіць так, як яны.

– А ўсё-такі ямчэй будзе, чым зубамі!

На другі дзень раненька ўзяліся за працу. Дапамагчы каменныя прылады дапамаглі, але толькі з удзелам сухога вострага кораня ды ўсялякіх іншых прыстасаванняў. У выніку атрымалі столькі мяса, што не ведалі, куды яго дзець.

– Што рабіць? – у роспачы казаў Мірон. – Без солі яно і тры дні не пратрымаецца.

– Тады трэба наесціся на запас, – не то сур'ёзна, не то жартам сказаў Віктар.

І сапраўды, яны так пад'елі, што ўвесь дзень і глядзець не хацелі на мяса.

– Зноў мы зрабілі памылку! – сказаў Мірон. – Нам трэба было напаследак гэтак наесціся. Тады і добра было б, што не хочацца есці. А цяпер свежае мяса дарма гіне.

– Давай тады акурым яго, – запрапанаваў Віктар.

– І то праўда! – суцешыўся Мірон. – Хоць без солі ўсё роўна доўга не будзе трымацца, але напэўна даўжэй, чымся так.

Змайстравалі з жэрдак козлы, скруцілі з лыка вяроўкі і павесілі шынкі.

– За адзін заход павесім і свае гаршкі, – сказаў Мірон, – мусіць, яны падсохлі ўжо.

Гаршкі ляжалі ў ямцы, выкапанай у пяску пад коранем дрэва.

|< Пред. 117 118 119 120 121 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]