Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
117 из 173
– Мусіць, толькі ў нас гэтак здараецца, – сказаў ён, – бо іначай людзі зусім не баяліся б мядзведзяў… А каб дастаць мёд, відаць, трэба спачатку выкурыць пчол дымам. Прыйдзецца ісці па агонь.
– Але спачатку пашукаем мядзведзя. Можа, у яго і другое вока выбіта, тады мы зможам забіць яго дубінамі.
– Каб было так, ён не ўцёк бы гэтак шпарка. Мусіць, бачыў.
Яны пайшлі ў той бок, куды пабег мядзведзь. Яго няцяжка было знайсці, бо ён пакінуў след ад сваёй раптоўнай хваробы… Праз некаторы час яны пачулі ў гушчары хруст, енк, нібы тузаніну. Падкраліся, зірнулі – курчыцца, валяецца мядзведзь, нібы яму трапілі ў жывот куляй. Калі ўбачылі гэта хлопцы, разам кінуліся да яго і пачалі малаціць дубінамі. Непрыемнае і цяжкое было гэтае «паляванне»… Нарэшце бездапаможны мядзведзь загінуў пад ударамі дубін. Хлопцы, засопшыся, паваліліся на траву.
– Мусіць, мы адзіныя ў свеце людзі, якім без ніякай зброі пашанцавала забіць мядзведзя, – прамовіў Мірон. – Такі выпадак варта запісаць у кнігу.
– Запісана ўжо, – адказаў Віктар. – У адной навуковай кніжцы я чытаў пра такое здарэнне: адзін паляўнічы заўважыў у аўсе мядзведзя. Той ляжаў на зямлі, нахіліўшы на сябе пук аўсяных каласоў, і спакойна ласаваўся імі. У паляўнічага стрэльба была набіта толькі шротам. Забіць мядзведзя шротам нельга, але паляўнічы захацеў хоць спудзіць яго, прагнаць з аўса і стрэліў проста ў паветра. Мядзведзь спалохаўся і «захварэў». Вось гэтак жа, як цяпер.
|< Пред. 115 116 117 118 119 След. >|