Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
127 из 173
Смела паднёс да рота, адкусіў.
– Ну, як? – з хваляваннем спытаўся Мірон.
– Разоў у тысячу лепш за сырога зайца! – адказаў Віктар і зноў адкусіў. – Бяры, пакуль не позна, а то ўсё з'ем.
Узяў і Мірон, з агідай адкусіў.
– Ну як? – запытаў цяпер ужо Віктар.
– Не разабраўся пакуль што.
– Кусай яшчэ!
Адкусіў Мірон яшчэ, потым яшчэ і, нарэшце, усё з'еў.
– Праўду кажучы, нічога дрэннага няма, – прамовіў ён.
– Вось бачыш, – сказаў Віктар. – Нездарма, кажу, паны ядуць. Я чытаў, што ў Парыжы, у рэстаранах, сытыя буржуі вялікія грошы плоцяць за гэтую страву. А нам плаціць не трэба.
– Затое нам, галодным, трэба, можа, па сотні такіх жаб. А дзе іх гэтулькі набярэш? Гэта старая, а маладыя яшчэ не вывеліся.
– Тады будзем есці ўсю, – сказаў Віктар. – Якая розніца паміж заднімі, пярэднімі нагамі, спіной?
Ён узяў яе ў рукі, але кінуў:
– Не, яшчэ не магу, не настолькі прагаладаўся.
– А каб у кнізе было напісана, што ядуць усю, то з'еў бы? – спытаў Мірон.
– Напэўна, – засмяяўся Віктар.
Пасля таго яны нават спецыяльна хадзілі лавіць жаб, але зноў злавілі толькі адну. На гэты раз з'елі ўжо і пярэднія кумпякі, і спіну…
І нічога дрэннага не здарылася.
– Мусіць, усё залежыць ад погляду і прывычкі, – разважаў Мірон. – Мусульмане не ядуць свініны, у нас не ядуць каніны, некаторыя ядуць саранчу…
– Я ж тое самае і кажу! – падхапіў Віктар.
|< Пред. 125 126 127 128 129 След. >|