Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
129 из 173
Памацаўшы крыху ўсярэдзіне, ён крыкнуў: – Нібы пакунак нейкі! – і сапраўды выцягнуў пакунак, старанна загорнуты ў тоўстую паперу.
– Вось табе і бабёр!
Развязалі. Пакунак яшчэ быў абгорнуты ў васковую паперу і яшчэ раз завязаны ніткай. Зноў развязалі і ўбачылі… жаночыя шаўковыя панчохі! Шмат панчох.
– Дык вось у чым сакрэт! – крыкнуў Віктар. – Кантрабандысты выбралі сабе тут прытулак! Вось чаму спыніліся тут нашы «збаўцы» і хацелі нешта паглядзець, ці ўсё ў парадку!
– Але чаму ж яны выбралі бабровую хатку, калі можна было закапаць у зямлю? – здзівіўся Мірон.
– У зямлі магло папсавацца ад вільгаці, а тут суха, бо бабры будуюць хату ў два паверхі, з якіх верхні заўсёды сухі і ніколі не заліваецца вадой. Акрамя таго, на зямлі кожны раз заставаўся б след, калі закопваць ды выкопваць. Гэта ж вялікае багацце!
– Якая карысць з гэтага? – сумна прамовіў Мірон. – Вось каб гэтыя панчохі можна было есці!
– Пачакай, можа, там яшчэ што ёсць?
Зноў засунуў Віктар руку.
– Ёсць! – крыкнуў ён і выцягнуў новы скрутак.
У ім былі перламутравыя гузікі.
– Ану іх да д'ябла! – вылаяліся хлопцы.
Далей – скрутак тонкага дарагога сукна.
– Ды тут цэлы магазін! – крыкнуў Мірон. – Ану, цягні яшчэ! Можа, кілбасы выцягнеш.
– Пастараюся, – адказаў Віктар і выцягнуў ужо нешта цяжэйшае. Гэта была скрынка, а ў ёй… два рэвальверы!
Радасць ахапіла хлопцаў.
– Во, гэта ўжо іншая рэч!
– Толькі ці ёсць да іх патроны? – сказаў Мірон.
|< Пред. 127 128 129 130 131 След. >|