Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
128 из 173
– У кожным разе, праз тое, што гэта агідна, паміраць не варта. Але на адной жабе далёка не паедзеш. Хоць абы-якую жывёліну здабыць – усё з'еў бы.
– Ведаеш што? Паспрабуем злавіць бабра.
– Але ж іх нельга знішчаць!
– І я гэта ведаю. Аднак мы двое важней за аднаго бабра.
Супраць гэтага нічога нельга было сказаць, і хлопцы зараз жа накіраваліся да бабровага паселішча.
Там ішло сабе мірнае бабровае жыццё. Звычайна бабры не любяць паказвацца ўдзень, але ў гэтым кутку, дзе іх ніхто ніколі не трывожыў, яны не надта сцерагліся. Калі хлопцы падышлі бліжэй, усе бабры схаваліся ў ваду.
– Пойдзем да той вунь, – паказаў Мірон на чацвёртую хатку, што была каля берага.
– Наўрад ці ёсць там хто, – сказаў Віктар, – але паспрабаваць можна.
Яны падышлі да хаткі і зараз жа пачалі шукаць і завальваць выхады. Два выхады былі пад вадой, трэці – крыху над яе паверхняй.
Мусіць, калісьці і ён быў пад вадой. Паспрабавалі прасунуць руку ў гэтую дзірку, але нічога не маглі дастаць.
– Лепш разбяром зверху, – сказаў Мірон.
Спачатку галлё лёгка было разбіраць, але далей яно так шчыльна перапляталася, так моцна было злеплена зямлёй, што справа пайшла вельмі марудна.
Невядома, колькі спатрэбілася б часу, каб Віктар не абмацаў збоку месца, дзе галлё, здавалася, не было склеена і лёгка паддавалася пад рукой. Праз хвіліну заўважылі дзірку, якая вяла ўсярэдзіну.
– Ну, цяпер пільнуй! Вось дзірка, – сказаў Віктар і прасунуў руку.
|< Пред. 126 127 128 129 130 След. >|