Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 15 из 173



– А ты?

– Дык я ж не куру.

– Гэта ж не толькі для курэння патрэбна. Эх ты! – паківаў галавой Віктар. – Разважаць толькі любіш.

Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Не цярпелася і Мірону. Узяў ён вільготны кавалак, разламаў напалам, працягнуў Віктару. З'елі гэты кавалак і яшчэ больш захацелі есці.

– Каб ведаў, лепш бы зусім не еў, – бурчаў Віктар.

– Прывыкай, браток, не тое яшчэ будзе, – суцешыў Мірон.

– Хоць бы закурыць, – прамовіў Віктар, гледзячы на сваю махорку.

– Добра і так, – сказаў Мірон.

Дагэтуль яны неяк не мелі часу падумаць пра свой далейшы лёс: кожную хвіліну перад імі стаяла бліжэйшая, непасрэдная справа. Цяпер жа, калі сядзелі галышом пад дрэвам і чакалі, пакуль высахне адзежа, яны маглі больш падумаць пра заўтрашні дзень.

– А што, калі нам некалькі дзён давядзецца валэндацца тут, пакуль выберамся? – разважаў Віктар.

– О, гэта было б вялікім шчасцем! – прамовіў Мірон.

– Дзякую за гэткае шчасце! – чмыхнуў Віктар. – А есці што будзеш? Можа, яшчэ з голаду зойдзешся.

– Вось таму я і лічу за шчасце пабадзяцца некалькі дзён, а не тыдняў ці месяцаў, – панура сказаў Мірон.

– Можа, скажаш яшчэ – стагоддзяў, – усміхнуўся Віктар.

– І гэта можа быць, – сур'ёзна адказаў Мірон. – Нашы косці могуць знайсці і праз некалькі стагоддзяў!

– Эх ты, нуда хадзячая! – скрывіўся Віктар. – Табе на печы б сядзець, а не пускацца ў падарожжа.

|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]