Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
16 из 173
Чуў я шмат разоў, як людзі блудзілі па лясах, але не чуў аніводнагаразу, каб у нашых лясах гэтак хто-небудзь загінуў. Гэта табе не бразільскія лясы, не афрыканскія пушчы.
– Чаго ты пнешся? Магу цябе запэўніць, што я таксама не вельмі прагну тут загінуць, – апраўдваўся Мірон.
– Ну, дык няма чаго рыхтавацца да смерці! – адрэзаў Віктар.
Хоць сонца яшчэ свяціла, але ўжо не грэла. Доўгія цені паступова пакрывалі светлыя мясціны. Хлопцы адчулі холад.
– Нічога не зробіш, прыйдзецца надзяваць сырую адзежу, – уздыхнуў Мірон.
– Дармо! Дасохне на целе, – бадзёрыўся Віктар.
Калі яны адзеліся, Віктар неяк нерашуча сказаў:
– Можа, пойдзем далей?
– Куды ты цяпер пойдзеш? – адказаў Мірон. – Нават па знаёмай дарозе рызыкоўна пускацца ў такі час. А гэтак мы напэўна праблытаемся ўсю ноч дарэмна. Наўрад ці блізка ў гэтых месцах ёсць паселішча. Якім бы ні было чынам, а прыйдзецца тут пераначаваць.
За ўвесь сённяшні дзень гэта было адзінае пытанне, па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Пачалі рыхтавацца да начлегу. Зрабілі сабе логава ў сухім пяску між карэнняў, падгарнулі сухога лісця і шыльніку.
Нарэшце надышоў самы вялікі, урачысты і адказны момант – здабыванне агню. Сэрцы ў хлопцаў застукалі мацней, рукі дрыжалі. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню.
– Ці высахлі яны?
Памацалі з усіх бакоў – здаецца, высахлі.
|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|