Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 17 из 173



Чыркнуў Віктар раз, другі – нічога… Толькі белы след застаўся на карабку.

– Мусіць, не досыць высахлі, – сумна сказаў Мірон. – Болей псаваць не варта.

– Мая кашуля ўжо высахла, я палажу іх пад паху, – сказаў Віктар.

А пакуль што прытуліліся ў сваім логаве без агню.



II

Першая ноч. – Начная дужанка. – Заяц, які дзюбаецца. – Апошнія запалкі. – Дадому.



Сонца ўжо зайшло, але яшчэ цэлую гадзіну трымаўся шэры змрок. Над возерам са свістам праляталі качкі, спяшаліся на начлег. Уверсе пачуўся жураўліны крык. Вось ён мацнее, робіцца больш выразным: відаць, жураўлі спускаюцца на адпачынак.

– Вось добра было б, каб які-небудзь журавель ці гусь сеў нам на галаву! – прамовіў Віктар.

– Што б ты з ім рабіў без агню? – уздыхнуў Мірон.

– З'еў бы сырога.

Мірон перавярнуўся на спіну, зірнуў на зоркі. Яны так прыгожа зіхацелі! Ласкава шапталіся верхавіны дрэў. Мусіць, дома цешацца цяпер добрым веснавым надвор'ем, а яны…

– Вось да чаго даводзіць свавольства! – нібы сам да сябе прамовіў Мірон. – Каб мы папрасілі човен у гаспадара, дык цяпер людзі ведалі б, дзе мы, і прыехалі б па нас. А так, нават калі і знойдуць дзе човен, то не будуць ведаць, якім чынам ён там апынуўся. Паслухаўся цябе…

– Ну-ну, няма чаго наракаць, – нездаволена забурчаў Віктар. – Ніхто цябе не прымушаў. Калі ты такая цаца, дык не трэба было згаджацца. А ісці за паўкіламетра шукаць гаспадара і ў цябе самога не было ахвоты.

|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]