Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
153 из 173
Час ад часу ён торгаў рукамі, але дзе там было вызваліцца!
– Хадзі сюды, сабака! – падышоў да яго чорны, узяў за плечы, падняў і падапхнуў да вогнішча. Потым развязаў хустку.
Хлопцы ўбачылі маладога чалавека гадоў дваццаці васьмі з прадаўгаватым, сухарлявым тварам. Тонкія сціснутыя вусны і зморшчкі на лбе сведчылі аб яго напружанні, але вочы безуважліва глядзелі некуды міма бандытаў.
– Цяпер ужо можаш крычаць колькі ўлезе, – засмяяўся незнаёмы.
Тады падышоў малодшы і звярнуўся да палонніка:
– Слухай! Ты можаш палепшыць сваё становішча, калі скажаш, якім чынам даведаўся пра нас, хто табе ў гэтым дапамог. Назаві чалавека, які выдаў нас.
Палоннік не адказваў, бандыт памаўчаў. Пасля пачаў зноў.
– Геройства тваё ўжо непатрэбнае: ты ў поўнай нашай уладзе. Ніхто цябе не пачуе. Калі скажаш, то значна палегчыш свой лёс. А калі не… дык мы здолеем прымусіць цябе, – прасіпеў бандыт.
Палоннік усё маўчаў.
– Ну! – грозна крыкнуў чорны. – Адказвай!
– Канчайце хутчэй вашу справу, а я нічога не скажу! – нарэшце прамовіў палоннік.
– Канчаць хутчэй? – засмяяліся бандыты. – Не, брат, пачакай яшчэ. Гэта толькі пачатак.
І чорны выцяў палонніка кулаком па твары…
Небарака пахіснуўся і паваліўся на зямлю. З носа і рота паказалася кроў…
У хлопцаў аж заляскалі зубы ад хвалявання.
– Нельга сядзець!… Не маем права!… Трэба страляць! – прашаптаў Віктар.
– Пачакаем, пачакаем хоць крыху, – усхваляваным шэптам адказаў Мірон. – Досыць далёка… Не трапім… А тады канец і яму, і нам.
|< Пред. 151 152 153 154 155 След. >|