Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 7 из 173

Трапляліся і больш вялікія дрэвы: бярэзінкі, алешыны, нават елкі.

Наперадзе, ужо недалёка, вызначаўся густы, сіні бор.

– А ён, здаецца, стаіць высока, на сухім месцы, – сказаў Віктар і ціхенька ўстаў, каб паглядзець. – Хочацца ногі выпрастаць, здранцвелі зусім.

– Ды пачакай ты, не ўставай, зараз прыедзем, – сказаў Мірон, але і сам не ўтрымаўся, прыпыніўся і пачаў прыглядацца.

– Здаецца, там нібы пясчаны ўзгорак відаць, – прамовіў ён, гледзячы з-пад рукі.

А човен тым часам наехаў на вір. Не паспелі хлопцы звярнуць на яго ўвагу, як ён панёс іх убок і стукнуў аб альховае дрэва. Штуршок быў невялікі, і нічога б не здарылася, каб абодва хлопцы сядзелі на дне. А цяпер – Віктар адразу паляцеў у ваду, пад алешыну.

– У-ух! – крыкнуў ён не то ад жаху, не то ад неспадзеўкі, не то ад холаду. Мусіць, ад усяго разам.

А човен ад яго руху так захістаўся ды закруціўся, што Мірон ледзь уседзеў, ухапіўшыся рукамі за бакі яго. Але пры гэтым ён выпусціў з рук вясло. Струмень падхапіў бездапаможны човен і панёс яго далей, да другой алешыны. Падплываючы да яе, Мірон перахіліўся цераз борт і ўчапіўся рукамі за галіну. Тут ён адчуў, што човен нібы выслізгвае з-пад яго. Трымаючыся за галіну бадай што над вадой, Мірон стараўся падцягнуць да сябе човен нагамі, але скончылася гэтая справа тым, што галіна абламалася, хлопец паляцеў у ваду дагары нагамі, а човен, атрымаўшы апошні штуршок і паварочваючыся ў розныя бакі, жвава панёсся наперад.

|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]