Страница:
10 из 129
Ледзь не ўцягнуў Расею ў канфлікт з Грэцыяй: палічыў грэчаскага консула ў поўнай форме за шталмейстара і цыркача Сулье, які хадзіў у расшытым золатам турэцкім мундзіры і напярэдадні прасіў у Закрэўскага аб дазволе на выступленні. А палічыўшы, крыкнуў консулу (бо спяшаўся на вялікі пажар, аматарам якіх быў):
— Пляши, сукин сын, скачи, прыгай! Разрешаю, так твою и разэтак!
Дорага ж каштавалі гэтай няшчаснай Маскве гады яго адміністрацыйнага захаплення. Расперазаўся, сатрап. Наконт рэформы толькі й сказаў: «У Пецярбургу глупствы задумалі».
— Ваш рамізнік едзе, — сказаў купец.
Са снегавой сеткі набліжаўся экіпаж. На шчасце, не калібер, а першагатунковыя сані з запонай і верхам. І фурман сыты і гожы сабою — не «ванька» ў дрэнным армяку. Каптан — навенечкі, збруя — з бляшкамі, пара коней — сытыя.
— Ну вось, — сказаў стары. — Цяпер і мая чарга.
— Вы адкуль жа?
— Рагожскі… З Малай Андроньеўскай.
Алеся нібы нешта штурхнула. Рагожскія палясціны, але не каля самой заставы, адкуль гоняць кайданнікаў. Бліжэй, калі ўжо так, не да Рагожскай, а да Пакроўскай заставы… Як зручна было б… Воўк ніколі не рабуе ля свайго логава. А тут і Камер — Калежскі вал, мяжа горада.
— Па старому сагласію жывяцё? — спытаў ён.
— Дрэўлепрэпраслаўленыя, — трохі цішэй сказаў стары. — Па рагожскіх могілках.
— І, напэўна, не новаблаславенныя.
Стары апусціў быў галаву і раптам цвёрда, хоць і спадылба, глянуў на Алеся.
— Свяшчэнства ад ніканіян не прыемлем.
Калі да гэтага Алесь і сумняваўся, то цяпер усім сумненням прыйшоў канец.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|