Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 8 из 129

Ён цудоўна ведаў усё, аб чым казаў купец, але сябе не выдаваў, хацеў мець выгляд правінцыяла.

Ён думаў аб тым, што, калі паўстанне пераможа, калі яно перакінецца і сюды, гэты самы Закрэўскі, нягледзячы на тое,што яму семдзесят пяць і ён чалавек адстаўны, будзе ў ліку першых кандыдатаў на шыбеніцу або — наўрад ці паўстанне захоча запэцкаць рукі аб поскудзь — на вечнае выгнанне за мяжу.

Гэты — варты. Сатрап маскоўскага вілайета. Дурны, грубы, як усе яны, артадаксальны і ардынарны, упэўнены ў сваёй бяскарнасці, пыхаты, як свіння, малаадукаваны і малапісьменны парвеню. Тып з кругаглядам вучня прыходскай ці кантанісцкай школы, які з таго часу так нічаму і не навучыўся. Такі самы гараднічы, як і ягоны патрон, здохлы капрал Мікола. З верху і да нізу — усе аднолькавыя. Накшталт таго гараднічага, які ў Кінешме паказваў аднаму «змагару за праўду» сагнутую руку: «Закон?! Хрэна табе, а не закон! Вось ён у мяне дзе! Мяне сюды анпіратар паставіў, сам цар, а цар вышэйшы за закон. Значыць, і я вышэйшы за закон!» Усё ў такіх проста. Закон — на паперы. Адказ — толькі перад асобай самога гасудара. Падсуднасць — лухта. Нездарма цар, прызначаючы Закрэўскага ў Маскву, даў яму неабмежаваныя паўнамоцтвы, што датычыцца асабістай недатыкальнасці грамадзян.

«Закон — не абавязковы для кожнага. Закон — пудзіла для народа».

А шкада, што паўстанне не будзе пэцкаць рукі! Шкада! Кожны з такіх павінен чакаць адплаты — толькі гэта іх і можа стрымаць: веданне, што нават пасля смерці іхнія косткі з магілы выкінуць.

|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]