Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 11 из 129

Асцярожнасць — асцярожнасцю, а гэта быў такі ўдалы выпадак, што трэба было рызыкаваць. Таму што нікуды не варты той ігрок, які не ўмее без роздуму схапіць за шкірку выпадковасць. На Рагожскай не было прышлага элемента, туды ніколі не пускалі чужых. Гэты тугі і горды свет выштурхваў з сябе ўсіх не сваіх, як ртуць выштурхвае жалеза: «Не лезь, не тачыся, у нас свой нораў, свой побыт, свае звычаі».

І ў гэтай гордай незалежнасці гэтыя мужыкі, гэтыя купцы, то бок таксама ўчарашнія мужыкі, чымсьці нагадвалі найбольш старазаветную частку Алесевага кола. Няхай сабе закарэласць, няхай дзікая коснасць — гэтыя людзі былі пакрыўджаныя, а значыць, былі ў чымсьці — браты.

Не скарыстаешся — другога выпадку можа не быць.

— Што ж ты стаіш, Кірдун, — сказаў Алесь. — Уладкуй там кофр ягонага сцяпенства.

Кірдун зірнуў на яго здзіўлена, але, прывучаны, нічога не сказаў. Ён ведаў, Алесь надумае лепей за яго.

— Што ж гэта вы, бацюхна, — сказаў купец. — Мяне?

— Чаго ж вы будзеце тут мокнуць. І так палову гадзіны стаялі.

Ён ужо сядзеў пад верхам. Купец, спяшаючыся, каб хаця часам не раздумалі, палез на суседняе месца.

Рамізнік павярнуў да іх твар, нахабны, сінявокі і мардасты, як рэшата.

— Куды, ваша высакароддзе?

— Наватроіцкі тракцір, на Іллінцы… Адтуль вось яго сцяпенства на Малую Андоньеўскую — ты, Халімон, ягоныя рэчы даставіш на ганак — а ты, фурман, потым вернешся да мяне.

У барадзе фурмана была дрэнна прыхаваная пагарда.

|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]