Страница:
12 из 129
— Няўмесна вам з гэтым «сцяпенствам» ехаць, — развязна сказаў ён.
— Справа не твая, гужаед, — абарваў яго Алесь.
Ён ніколі не гаварыў так з людзьмі, але тут гэта было патрэбна. А раз гэта было патрэбна — ён мог. Згуляў жа Мсціслаў купчыка. Яму, Алесю, было лягчэй. У яго была ўласнасць, мала таго, прывычка ўладарыць.
— Як зваць? — спытаў ён у фурмана.
— Макарам, — трохі прыгаломшана сказаў той.
— Так і думаў. То скоч, Макар, калі ласка, ды папраў запону на нагах у «ягонага сцяпенства».
Макар палез з козлаў. Купец амаль спалохана глядзеў, як распраўляецца ягоны сусед.
— Вось так, Макар, — сказаў Алесь. — Дзякуй. І запомні: гэта таксама твая работа. І зусім ужо не твая работа меркаваць, з кім я еду, куды еду і які я еду.
Трэба было збіць фанабэрыю, і зрабіць гэта можна было толькі мясцовым барствам найгоршага тону. Раз і назаўсёды.
— У цябе зараз няма гаспадара, Макар? Ну, на тыдзень, на месяц? Дзе твой?
— Дзень, як у Піцер з'ехаў, — зусім ужо іншым тонам сказаў Макар.
«Пашанцавала», — падумаў Алесь, а ўголас сказаў:
— Што ж ты за суткі новага не знайшоў? Вы ж, збольшага, нарасхват. П'яніца?
— Нікак нет. Усе сказаць могуць. Бяру ў плепорцыю.
— Тады будзеш у мяне, — безапеляцыйна сказаў Загорскі. — На тры месяцы. Можа, і больш. Вернешся — укладзем рад. Не пакрыўджу. Умова: захочаш напіцца — папярэдзь, адпушчу.
— Ужо і гэтага нельга, — зрабіў слабую апошнюю спробу пратэсту Макар.
— Нельга.
|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|