Страница:
106 из 129
Хлопцам сапраўды трэба было адкупіцца ад Хлюста, толькі цана чалавечага жыцця была не сорак, а сорак пять рублёў. Калі, па загаду сырэйніка, няўдалыя разбойнікі прыйшлі да Алеся — яны былі ў адчаі.
Алесь заплаціў доўг. Абяцаў столькі ж за падмогу.І вось чакалі. Ля коней — той, якому Алесь даў у пах (яму ўсё яшчэ было цяжка хадзіць), і той, каго ён выкінуў з брычкі (абышоўся чалавек выцінамі).
Астатнія тры сядзелі побач. Рыжы Міхайла, па мянушцы Сямёнаўскі, з распухлым носам. Рабы новавясковец Васька Сноп. І яшчэ сажнёвы прыгажун Шчалканаў з нахабным і дзікаватым тварам.
— Гэтага сцеражыцеся, — сказаў Сноп Алесю. — Можа і забіць.
Сядзелі і чакалі. Алесь успамінаў зробленае за гэтыя дні.
…Андрэя сапраўды прывезлі перад вялікаднем і ў той самы дзень — бо на вялікдзень такога рабіць нельга — білі бізуном у двары Бутырскай турмы.
Кірушка не падвёў. Абышлося нават без «ожгу». Праз два дні арыштант мог ісці. Але Загорскі ведаў, чаго гэта яму каштавала, яму, якога ніхто ніколі не крануў іначай як у бойцы, бо дзяцей біць нельга ні бацькам, ні чужым, а стайня — ганьба панскага двара.
Даведаўшыся, што ў Бутырках усё больш-менш добра, Алесь паехаў у Рагожскую, каб адмовіцца на тры дні ад паслуг Чыўіна: няма чаго было блытаць старога ў гэтую справу.
Быў вялікдзень. На вулках людзі хадзілі з вярбою, а пад нагамі храбусцела малінавае, блакітнае і жоўтае шкарлупінне.
|< Пред. 104 105 106 107 108 След. >|