Страница:
13 из 129
Патрэбна табе некуды ў гарачы мой час — знайдзі на дзень замену. Будзеш добра ездзіць — прыбаўлю. А папярэдняя табе плата — дзесяць сіненькіх у месяц.
— Пабойцеся Бога, — сказаў купец. — З Зараддзя да Суконных лазняў, што ля Каменнага моста, — дзве грыўні. І за тую ж плату — назад. А гэта пры нашай манеры парыцца — не менш як тры гадзіны. Ну няхай нават дзве. То красная цана гэтаму разбойніку — трыццаць восем рублёў у месяц.
— Мне не ў лазню ездзіць, — ветліва і халодна перарваў Алесь. — Не непакойцеся, калі ласка.
І зноў звярнуўся да Макара:
— Ездзіць давядзецца многа. Язду люблю хуткую. Буду задаволены — прыбаўлю.
— Спраўна будзе, барын, — сказаў Макар. — Безадмоўна. Як паедзем? Праз яблычны двор ля Іллінскай брамы ці, можа, на Цвярскую выберамся ды потым праз Красную?
— Давай Краснай. Гані.
Меладычна звякнулі бомы. Коні машыста «прыйнялі» з месца. Купец маўчаў у сваім кутку, і хаця Загорскаму трэба было пагаварыць з ім — ён вырашыў перадчасна не палохаць старога і стаў думаць.
Беглі паабапал пагружаныя ў змрок дрэнныя дамы з мезанінамі, крывыя платы, рэдкія ліхтары, у якіх цьмяна жаўрэла гарнае масла. Стаяла такая гразь, калі масквічы наймаюць рамізніка, каб пераехаць на друті бок плошчы.
Ён любіў гэты горад. Любіў за гандаль кнігамі на Смаленскім рынку, за летнія гулянні на Сянной з іхнімі каруселямі і арэлямі-люлькамі, што круцяцца, як млыновыя крылы. Любіў завесу Вялікага тэатра, на якой Пажарскі пяты ўжо год уязджаў у Маскву.
|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|