Страница:
125 из 129
Дык што нам ад іхняга гневу? Чаго яны прыйшлі. Хто іх клікаў? Што ім да маёй песні?… А мяне вывелі ў двор. Барабаны б'юць. Кірушка з пугай куражыцца: «Гэй, бульба, ану, заспявай».
— Ён быў падкуплены.
— Пэўна так. Бо астатнія з першага ўдару ранялі галаву. Але крычаць прымусіць — гэтага яму хацелася. «Спявай, бульба катаржная, спявай». А я маўчу. Я ўвесь этап маўчаў… Адвязалі мяне ад кабылы, адвялі ў клетку. Вядуць, а ў Кірушкі вочы крывёю наліліся. Кажа вартавому: «Шкадую, што звязаўся тут з адным. Спяваць не хоча, то хай бы маўчаў давеку». Замкнулі мяне, і тут я прытомнасць ад ганьбы страціў. А потым усю ноч сяннік зубамі кусаў. Мяне іначай як у бойцы не білі. Не б'юць у нас дзяцей.
— Бачыш, — сказаў Алесь, — была б стайня, то, можа, і прывык бы. І як гэта мой прадзед Акім з дзедам Вежам так схібілі? Ай-я-яй!
— То гэтага я не забуду. Не забуду я гэтага, Алесь.
— Нічога, — сказаў Загорскі. — Цяпер ужо нядоўга.
РАЗДЗЕЛ Х
Вечарам наступнага дня Алесь ехаў з Рагожскай на Смаленскую заставу. Дзіўны, упершыню за многія месяцы, спакой валодаў ягонай душою. Усё было зроблена. Зброя была закуплена. Уцекачы раніцай паспяхова селі на цягнік (пасля «лапцеўскай» падставы Алесь не шкадаваў грошай на коней, узятых з пастаялых двароў). Яны вылезуць з яго недзе ў Дне і пойдуць дабірацца да Прыдняпроўя ямскімі коньмі.
Усё было зроблена. І разам з заспакаеннем у душы жыла пустэча.
Разам з Алесем сядзеў у брычцы Чыўін. Сумна глядзеў, як схілялася за дамы сонца. Маўчаў.
|< Пред. 123 124 125 126 127 След. >|