Страница:
127 из 129
Цёмныя вуліцы… Раскоша «сіці»… Закасцянелыя ад пыхі барскія палацы… Ялейныя і тлустыя, як свінні, манахі на Нікольскай… Страшны смурод Зараддзя… Лахманы… Увесь гэты бедны, азвярэлы ад голаду і цемры народ… Мумія «цара-фараона» пад гнілым снегам… Будачнікі са сталамі на галовах… Слепакі пад мурамі Крамля.
Нават напалеонаўскі пажар не выпаліў усяго гэтага. На папёлах вырасла тое самае свінства, прыгнёт, карупцыя, агульная прадажнасць.
Куды ж падзецца ад усяго гэтага? Які яшчэ гэтаму Вавілону потрэбен пажар?
Жанчына з мятлой… Страшныя скаргі «бубнаўскай дзіркі»… «Воўчая даліна» з яе трупамі… Паддзячыя, якім аддадзена ў рукі правасуддзе і літасць… Дагамейскі прынц, які крычыць аб справядлівасці на невядомай мове, і простыя, якія крычаць аб тым самым, але іх ніхто не разумее.
Брычка каціла Васкрэсенскай плошчай. Барва ляжала на будынках: слабая — на белым будынку ўрадавых устаноў, цякучая — на струменях водаразборнага фантана, крывавая — на мурах Крамля.
Эшафот на Балоце. Калясніца, што паўзе да яго. Твар гарадскога ката. Мядзведзі з выкалатымі вачыма. Знемагаючы бык, што ідзе насустач сонцу.
Алесь пачуў гукі песні, і яму здалося, што ён трызніць. Не, памылкі не было. Каля чырвонага струменя вадамёта стаяў стары ў белай світцы і магерцы. На плячы ў яго вісела віцебская валынка. Пад нагамі, абутымі ў поршні, ляжалі два медзякі. Узвёўшы вочы, стары спяваў.
— Гэх, — раптам сказаў Макар, — валынка ды гудок, сабяры наш дамок. Саха ды барана, разарылі нашы дама. Спыніць, ці што, княжа?
— Спыні.
Брычка стала.
|< Пред. 125 126 127 128 129 След. >|