Страница:
126 из 129
І толькі часам звяртаўся да Лебедзя, што ляжаў на дне брычкі і драмаў, паклаўшы на Алесевы ступакі трачаную молем галаву.
— Сабака, ты сабака й ёсць. Паглядзеў бы на першапрастольную апошні раз бачыш. Будзеш там сабе па траўцы зялёнай бегаць ля веткаўскіх скітаў — шчасце тваё.
Макар на козлах толькі галавою круціў.
— Тваё жыццё скончана, як маё… А ўсё ж пад канец падыхаеш. А вось гэтаму сукіну ўнуку — гэтаму шчасце…
Шчанюк, падораны Багатыровым, ехаў на запятках, разам з багажом, у прасвідраванай скрыні.
— Гэтаму — радасць. І не будзе ён на запечатленныя нашы алтары глядзець. І не будзе ён бачыць усёй гэтай брыды. Бугаёў яму не цкаваць, на «скверным» двары не жэрці. А што яму? Бог яму несмяротнай душы не даў. Сабака сабака ёсць.
Алесь пакасіўся на яго і зразумеў, што стары пакутліва крыўдуе.
— Дзяніс Авакумыч… Вось дзівак… Кіньце вы… Я ж вас ніколі не забуду.
— Гэх, князь, забудзеце. Усё чалавек забывае. Дый я сам вінаваты. Дазволіў сабе прывязацца. А для старога такая штука — рэч недаравальная.
Хмыкнуў.
— Паехаў бы я з вамі на Ветку.
— То паедзеш… Сапраўды, паедзеш…
— Позна. У Рагожскай мая сям'я, у Вавілоне гэтым маё нараджэнне. У ім і мая смерць.
Усе маўчалі. Алесь глядзеў на захад, які палымнеў над гэтым горадам пакуты, і ўспамінаў.
|< Пред. 124 125 126 127 128 След. >|