Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 23 из 129

Самі схлусілі ды на іншых, на беларусаў, спіхнулі.

— Ты адкуль ведаеш?

— Я — ведаю. Ты хаця «Паморскія адказы» Дзянісавых чытаў? Яны так і пісалі: «Сомняемся и буквам, в нём писанным — Белоруским; нынешнего века пописи, яже в древлехаратейных мы не відехом…» А ведаеш, што «дзяянням» апошні ўдар нанесла? Тое, што аб іх Сімяон Полацкі нічога не ведаў і не кажа. Беларус. То беларусам дзякаваць бы, а ты лезеш, як пёс.

Стары глядзеў на Алеся амаль са свяшчэнным жахам.

— Прызнавайся, — сказаў Алесь. — Спаймаць мяне хацеў?

— Хацеў.

— Адно пытанне ведаў, ды тое не да канца. Прызнавайся, аб Полацкім не ведаў? І аб тым, што мітрапаліт Канстанцін з'явіўся ў Кіеве толькі праз дванаццаць год пасля гэтага «Сабора», які нібыта ўзначальваў, — не ведаў?

— Не, — сказаў Чыўін.

— То ж бо. Каб Дзянісавы былі такія ж дурні, як усе, — не дваццаць тысяч жыццяў сябе б спаліла, а больш…

— Колькі ж табе год? — ціха спытаў купец.

— Дваццаць два канчаю.

— Табе б не да мурынаў. Табе б у ніканіянскія папы ды дайсці да мітрапаліта.

Алесь засмяяўся:

— А потым вы б мяне звабілі, перацягнулі?

Ён ледзь не сказаў «назад», але гэта было б ужо не па правілах. Хай гэты стары не ведае, хто ён і адкуль спазнаў усё, што датычыцца расколу. Так будзе лепей. Хай лічыць гэта дзівам — ён можа даць кожнаму начотчыку сто ачкоў наперад.

— А што, быў бы нарэшце «свой», — сказаў Чыўін.

…Купец маўчаў.

|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]