Страница:
21 из 129
Можа, адзін які і застаўся. Не курыць, сам прызнаўся, што нейкага града ўзыскуе; са старых дваеперсных мясцін (адкуль яму было ведаць, што Алесевы продкі калісьці пусцілі гнаных раскольнікаў на свае землі?); ведае многае, чаго не ведае, пэўна, ніхто з ніканіян. І стары, свідруючы Алеся вочкамі, спытаў. Спытаў вельмі ціха і важка:
— Значыць, з Беларусі?
— Але.
— Што ж гэта вы, беларусы, нам такую д'ябльскую лжу ўчынілі? Фальш гэткую? Пры Пятры ды Піцірыме? Га?
— Гэта ты аб чым? — Алесь ліхаманкава думаў і раптам успомніў: — Аб «саборных дзяяннях»?*
* Місіянер Піцірым па загадзе цара Пятра хадзіў па кержанскіх скітах і ўгаворваў казаннямі і дыспутамі, каб раскольнікі вярнуліся ў лона царквы. Асноўным ягоным козырам было «Саборнае дзяянне», якое «нядаўна адшукалі ў Кіеве». Адзін раздзел ягоны быў прысвечаны Кіеўскаму сабору 1157 года — называўся «Саборнае дзяянне Кіеўскае на арменіна ерэтыка на мніха Марціна», які «веліе садзела ў Русі смушчэніе хрысціяніном пачэ жэ неіскусніі пісанія». Сабор быццам яшчэ тады асудзіў тыя ерасі, якіх зараз трымаюцца стараабрадцы, бо ерасі Марціна, выказаныя ў яго кнізе «Праўда», былі дакладна тыя, што і ў раскольнікаў. Сабор, на чале з мітрапалітам Канстанцінам, асудзіў Марціна, хаця ён быў сваяк Канстанцінопальскаму патрыярху Луку Хрызаверху. Марцін натурыўся. Тады Кіеўскі сабор звярнуўся да Лукі. Патрыярх склікаў у Канстанцінопалі другі сабор, на якім таксама асудзіў сваяка.
|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|