Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 24 из 129

Потым сказаў, як аб вырашаным:

— Суцешыў ты мяне… Усё я табе цяпер зраблю. Дапамагу. І ведай, свой ты цяпер чалавек на Рагожскай.

Яны ехалі ля старой Трыумфальнай брамы. Стары глянуў направа.

— Самы на Вялікай Садовай жыве свалачны і подлы, прадажны народ. Ты сюды не хадзі. Ты да тытуннікаў не хадзі. Мы табе дапаможам. Я.



РАЗДЗЕЛ ІІ

Алесь і не думаў хадзіць да тытуннікаў, тым больш да людзей свайго кола.

Ён занадта добра ведаў іх, і жыццё маскоўскага дваранства не выклікала ў ім нічога, акрамя пагарды.

Рэформа не змяніла іх. Такога не дазволіў бы сабе ні Раўбіч, ні Клейна, а гэтыя і цяпер дасылалі старога слугу ў паліцыю з запіскай:

— Хочаш і надалей есці мой хлеб — ідзі і дай сябе адхвастаць.

— Куды ж я пайду ад вас? Я і не ўмею нічога.

— То ідзі.

Усё ў іх сваё, дамарошчанае. І прыслуга, і большая частка прадуктаў, і свечы, і нават мудрасць. Гэтая мудрасць была затхлая, як паветра ў іхніх пакоях, начыста пазбаўленых вентыляцыі, засмуроджаных курэннем «смолак»*.

* У старых маскоўскіх дамах, калі паветра рабілася нясцерпна цяжкае, не адчынялі фортак (часта іх зусім не было), а курылі «для асвяжэння» смолкай, конусападобнай пасудзінай з бяросты, набітай смалою з домессю чагосьці накшталт ладану. Яе распальвалі жарынкай і насілі па пакоях. Парадныя пакоі «асвяжаліся» распаленай цаглінай, пакладзенай у таз з мятай і воцатам, або жароўняй, якую палівалі парфумай.

|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]