Страница:
27 из 129
Трэба было дачакацца вясны, калі адсюль звязуць у Маскву катаржан, вясны, калі пачынаюць адпраўляцца па Ўладзімірцы этапы. Нельга было пакінуць Андрэя, дзядзькаванага брата, самага ўлюбёнага з усіх Кагутоў — калі не лічыць Кандрата — друга, паплечніка, чалавека, які пакутаваў, у пэўнай меры, з-за яго. Нельга было, каб ён уздымаў кайданамі пыл, каб цягаў тачку, каб з яго здзекаваліся, каб ён жыў сярод чужых. А час да вясны трэба было выкарыстаць на куплю зброі.
…Вечарам таго самага дня Алесь даслаў Кірдуна ў «Дрэздэн», да Маеўскага. Там усё было на месцы, і фальшывыя пашпарты вярнулі з паліцыі без аніякіх заўваг. Кандрат паспеў пасябраваць з гасцінічнымі слугамі і непрыкметна зведаць ад іх, хто з дворнікаў і персаналу звязаны з сыскам. Выявілася, што купец Вакх Шандура са слугою ніякіх падазрэнняў сваёй персонай не выклікаў.
Алесеў загад Мсціславу быў ранейшы: сядзець ціха, у меру «гуляць», часам ездзіць для «здзелак» у Кітай-горад, але «сутнасць сваіх камерцыйных спраў» трымаць у сакрэце.
…Вечарам наступнага дня князь Загорскі паехаў на Ўзвіжанку, у прыватны цырк Сулье, і там сустрэўся з прадстаўніком зямляцтва ў Маскве. З купляй зброі справы ў «землякоў» былі дрэнныя. «Белая» група, як багатая, павінна была выдзеліць на гэта грошы, але, відаць, спалохалася. І тут быў недавер, панская пагарда і дрэнна прыхаванае пабойванне перад беларусамі. Усё гэта так абрыдла Загорскаму, што ён вырашыў самым рэзкім тонам патрабаваць у Кастуся адмежавацца ад усёй гэтай навалачы.
|< Пред. 25 26 27 28 29 След. >|