Страница:
28 из 129
«Ублытаюць у сваю справу, падманам прымусяць каштаны з агню цягаць, а потым здрадзяць, як гэта ўжо сто разоў бывала. І пойдуць «браткі» зноў здыхаць пад чужымі сцягамі. І пойдзе гуляць па нашых спінах бізун. А і пераможам — будзе тое самае рабства. Беларусі, бачыце, яны патрабуюць, старых, велікапольскіх, межаў. А хто спытаўся ў беларусаў, хочуць яны гэтага ці не? Гарматнае мяса ім патрэбна, а не сябры. Як не лічыліся з намі, так і не будуць лічыцца, пакуль карцеч і шыбеніца іх чамусьці не навучаць, як заўсёды, запознена».
Глухое абурэнне аж душыла Алеся. Невідушчымі вачыма ён глядзеў на выбрыкі клоўна Віля, на дзівосна прыгожую наезніцу Адэль Леангарт і ведаў, што большасць гэтых ягоных думак прападзе марна, што «белыя» пачнуць бунт, калі гэта будзе выгадна ім і толькі ім, у самы непадыходзячы для Беларусі і Літвы момант. А «чырвоныя» не палічаць за магчымае кінуць іх у бядзе і таксама выйдуць са зброяй. І атрымаюць «узнагароду» за прыроджаную пыху.
А варта было б кінуць. Варта было б правучыць за фанабэрыстасць. Як бы адразу заскакалі?! Якія б абяцанні пачалі даваць?! Якія адразу «дарагія» сталі б «правінцыялы»? Як бы адразу пачало «паважаць» іхнюю чалавечую і народную годнасць гэтае паршывае панства?!
…Гінуць за чужога дзядзьку. Якая лухта! Якая трагічная памылка! Без імя, без правоў лезці ў чужую кашу, для пана, які пагарджае «тутэйшым хамам». Дабіцца толькі таго, каб уласнае адраджэнне назвалі «польскім мяцяжом», або, у лепшым выпадку, «вынікам польскай інтрыгі».
|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|