Страница:
29 из 129
Ён ведаў: усе сілы свае ён пакладзе на тое, каб гэтага не было. Калі паміраць, то паміраць за сваю волю і веліч. Не паўставаць, калі белае панства наплюе на інтарэсы Беларусі. Хай гінуць!
І няхай нават потым нехта назаве гэта «здрадай». Чужыя здраджвалі гэты бедны народ тысячу разоў. Няма чаго служыць чужым. Мы ім не негры. Хай скачуць у паветры, хай хрыпяць пад тымі вербамі, з якіх столькі год рэзалі розгі на беларускую спіну. Чысцейшае будзе паветра.
…Нешта дні праз два ён гаварыў аб гэтым з прадстаўніком «чырвонага» крыла варшаўскага зямляцтва і з прадстаўніком расейскай «Зямлі і Волі». З першым сустрэўся ў Праломных варотах Кітай-горада, на рынку лубачных кніг. З другім — у славутым гроце Аляксандраўскага саду, запушчаным, спісаным непрыстойнымі надпісамі самага бруднага і жывёльнага тону.
Абодва хлопцы абяцалі «падумаць» над гэтым. Алесь і не спадзяваўся ні на што іншае. Яго справядлівае абурэнне збоку магло выглядаць як спроба завесці несвоечасовыя звады. Ну і д'ябал з імі. Неяк абыдземся.
А між тым і таму і другому варта было над гэтым падумаць. Алесева ідэя датычылася і палякаў і расейцаў. Палякаў таму, што іхняе слова і іхні нацыянальны гонар былі заталочаныя ў гразь. Расейцаў таму, што іхняе становішча таксама было небліскучае.
Як гэта ні дзіўна было, але расейская навука, мастацтва, літаратура таксама знаходзіліся ў стане самага глыбокага крызісу.
|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|