Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 30 из 129

Сялянства не чытала зусім, мяшчанства і купецтва абыходзілася «Ерусланам Лазарэвічам» і жывацела ў стане самага страшнага бескультур'я і быдлячага свінства. Астыла любоў да роднага слова і літаратуры нават у асвечанай праслойкі. Дваранства ледзь не канчаткова кінула родную мову і, у большасці сваёй, не чытала нічога, акрамя французскіх раманаў.

Алесь з жахам упэўніўся ў гэтым. З кожным днём больш і больш яму здавалася, што расейскія калегі павінны з гэтай прычыны біць у набат і, праз свой глыбокі боль, асабліва добра разумець падобны боль суседа. Нічога такога, аднак, не было. Нават самыя перадавыя цікавіліся больш палітыкай, чым пытаннем, як жыве свая мова, свая культура. А ўмовы іхняга існавання былі страшныя.

Высока трымаў сцяг адзін Малы тэатр, і таму нешматлікія людзі, якія адчувалі трывогу, не проста любілі, а абажалі яго. Астроўскі быў у іх богам. Садоўскі, Шумскі і Самарын — апосталамі. Але і тут не было поўнага «ансамбля», і тут заўсёды грашылі ў сэнсе дэкарацыі, гістарычнай праўды, касцюмаў. Волаты ігралі побач з пігмеямі. І Алесь не мог не думаць, наколькі нават гэты тэатр у адносінах да ансамбля, да вернасці, аксесуараў, да сыгранасці — наколькі ён ніжэй за тэатр у Вежы. Такіх мужчын у Вежы, вядома, не было, калі казаць аб коміках (хто мог стаць побач з Провам Садоўскім?!), але затое якія слабыя былі актрысы ў параўнанні з Геленай! Нават Фядотава.

Кульгала і рэжысёрская частка. Паўзы і збоі часам былі нясцерпныя.

…Калі так было ў лепшым тэатры — што ўжо было казаць аб астатніх.

|< Пред. 28 29 30 31 32 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]