Страница:
42 из 129
Праз святочны пах курэнняў, пораху, масла ўсё мацней прабіваўся звычайны пах горада, яшчэ ўзмоцнены «велікапосным амбрэ», пах тракціраў, рыбы, гарэлага сала, поснага масла, грыбоў, бочак з чарпакамі, а то і простых цэбраў, што плюхалі на кожным ухабе.
Пад мокрым снегам абвіснулі папяровыя кветкі на дугах. Паступова згортваліся балаганы. Гаспадар завіхаўся ля вазоў, і яму дапамагаў «дзікі чалавек, прывезены з Афрыкі». Дзікага чалавека мучыла пякучка: усю масніцу даводзілася есці жывых галубоў і піць шкіпінар, закусваючы той чаркай, з якой выпіў. Драбіць яе зубамі было нялёгка, нават пасля практыкі, і дзясны дзікуна сям-там кроватачылі.
Салдаты, што ўдзельнічалі ў «бітве расейцаў з кабардзінцамі», разыходзіліся па казармах (кабардзінцы, як заўсёды, атрымаўшы ў карак). І сумна глядзела на іхні ланцуг балаганная прыгажуня, галаднаватая дзяўчына, што зябка хуталася ў дазволеную нарэшце сярмягу. У дзяўчыны была сталая нежыць: усю масніцу яна стаяла на балаганным балконе, пад снегам, сіняя, апранутая толькі ў кісяю.
А знізу яе ўжо клікалі гаспадар і дзікі чалавек: трэба было ўпакоўваць двухгаловае цяля.
На шэрае нізкае неба, на падаючы шацёр, на слізь муроў глядзеў невідушчымі вачыма «ягіпецкі цар фараон». Мумію, па яе крохкасці, павінны былі пакласці на воз апошняй. Мумія фіванская, жаўтаватая, з матавым бляскам. Яна добра збераглася, і, значыцца, «цар фараон» збярог у цэласці сваю «бай»*.
* Душа памёршага.
|< Пред. 40 41 42 43 44 След. >|