Страница:
55 из 129
Той толькі вякнуў, як кацянё, выпускаючы апошні дух.
— Навалач, — сычэў Чыўін. — Б… і замаскварэцкія. Г…, душамі гандляры. Мразь масляная… «Сцы з убоінкай».
Твар яго быў чырвоны. Баючыся, каб старога не хапіў удар, Алесь адцягваў яго ад нерухомага цела. Адцягнуў. Трымаючы за рукі. шэптам сказаў «мяцельшчыцы»:
— Жанчына. Ты, калі выпусцяць, не ідзі на мост… не ідзі да гэтай свалаты… Ідзі ў гасцініцу «Дрэздэн». Спытай Загорскага… Мы табе месца знойдзем, работу.
Яна ўзняла вочы, але сказаць нічога не магла, бо калаціліся вусны. Толькі схіліла галаву.
А між тым ужо разануў па цішыні свісток. Нехта свідраваў натоўп: магчыма, будачнік. І тады Макар рашуча і даволі бесцырымонна ўзяў абодвух за плечы, штурхнуў у натоўп, прыкрыў, павёў.
— Давайце, давайце адсюль. Тут зараз не абярэшся.
Ішлі нібыта нават не сваімі нагамі, так спрытна ён іх вёў. Увесь час мяняў кірунак, як качка ў асацэ. Выпхнуў за рог белага будынка службовых устаноў, пацягнуў падапечных Васкрасенскай плошчай, паўз біржу рамізнікаў, да вадамёта. І толькі тут спыніўся, шумна перавёў дух.
— В-вось табе на… Цяпер давайце адсюль хутчэй… Дарэмна вы, барын, гэтай «мяцельшчыцы» прозвішча сказалі.
— Яна не скажа.
— Адна надзея… І тое: першы чалавек па-чалавечы… Не павінна сказаць.
Алесь ужо і сам лаяў сябе. Зноў наслядзіў, дурань. Уся гэтая паездачка такая: на рызыцы, на скоках над прорвай. Трэба будзе з тыдзень пасядзець ціха. Іначай быць бядзе.
|< Пред. 53 54 55 56 57 След. >|