Страница:
64 из 129
— Карты на стол… Колькі?
Бабкін глядзеў на яго ўважліва і пільна. Потым, відаць, зразумеў: гэты не прадасць.
— Дзве тысячы, — ціха і вельмі важка сказаў ён.
У Алеся пацямнела ў вачах. На хвіліну паплыў кудысьці, стаў аддаляцца і знікаць пякельны голас бубнаўскай дзіркі. Потым гукі лінулі зноў.
— Дзе тавар? — непарушна спытаў ён.
— Грошы, — сказаў Бабкін.
Чыўін штурхнуў быў Алеся ў бок, але той ведаў, што рабіць. Справа была не ў грошах, справа была ў штуцэрах, адзіных, патрэбных, як паветра, тых, за якія ён з ахвотаю, хоць сёння, заплаціў бы жыццём.
— Паўтары тысячы, — пасунуў ён да Бабкіна тры крэдытныя білеты.
— Астатнія?
— Астатнія — напалову ў банку Лемана, напалову — па чэку. Атрымаць — у канторы Вішняковых. — Алесь пісаў на лістках чэкавай кніжкі. — Ведаеш іх?
— Чаму не. Фірма вядомая, з французскага пажару сядзяць на Малой Якіманцы. Золатапрадзільні, можна сказаць, на ўсю імперыю. А яны што, ведаюць вас?
— Грошы ўнесены. А ведаць ім мяне — без патрэбы.
— Хі-ітры, — сказаў Бабкін. — Ану, дай глянуць.
— Глядзі.
— Шэсць тысяч пяцьсот? Гэта за што ж лішнія пяцьсот сорак?
— За камісію.
— А калі я гэта — у кішэнь?
— Тут адзін подпіс. А гэта абгаворана. Толькі пасля другога. А другі — калі тавар будзе агледжаны, упакаваны і адасланы на месца… Давай… Дзе?
— Ля Смаленскай заставы, — сказаў Бабкін.
|< Пред. 62 63 64 65 66 След. >|