Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 65 из 129

— Вось табе адрасок… Вось табе і словы: «Флейты прыкалолі… шпількі ў нас… за падман — шпільку ў сэрца».

— Гэта каму? — усміхнуўся Алесь.

— Ім, — сказаў Бабкін. — Гужавы абоз наймі дзе хочаш. Не мая гэта справа. Не мне ў яе тыркаць нос. А табе на камісійных — дзякуй, невядомы купец… Пі гарэлку… Помні бубноўскую дзірку…

— Вып'ю, — сур'ёзна сказаў Алесь.

Ён умеў, калі трэба, не грэбаваць. Гэтая філія пекла была таксама кутком зямлі. Гэтыя цені таксама былі людзі.

А ён быў не толькі князь, але і беларускі мужык таксама, а значыць, у кожным, самым нізкім і страшным, падзенні бачыў не ганьбу, а няшчасце, і шкадаваў гэтае няшчасце, і не хацеў мыць рукі, дакрануўшыся да яго.

— Я табе яшчэ раю, — сказаў Бабкін. — Ты на Балчуг не хадзі. Гэта, брат, Замаскварэчча, а там што ні чалавек, то або Падхалюзін, або паддзячы, або прадажная лярва… Ты ідзі на Гасціны двор, ля біржы. Уначы ідзі, вось з імі.

— Бываў.

Алесь сапраўды бываў там. Калісьці яны спецыяльна рабілі гэта ўначы, для настрою. Вялізны будынак, ноч, бясконцыя аркі галерэй на ўнутраным двары. Запусценне, нямая цішыня і глухія крокі на плітах. А над калодзежам двара — месяц у хмарах. Аркі на ноч закрывалі дошкамі, а вартаўнікі спускалі сышчыкаў, але за грошы пускалі паглядзець.

— Вось туды і ідзі. Таксама пекла. Усё можна купіць. І жалеза і флейты.

— Пайду, — сказаў Алесь.

І тут Чыўін нечакана адхіснуўся. Ён сядзеў спіною да занавескі.

|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]